Ландшафтны парк «Буг»

Ландшафтны парк «Буг» быў створаны ў 1993 годзе. Гэта адзін з найбуйнейшых ландшафтных паркаў у Польшчы – тэрыторыя самога парку складае 74 136,5 га, тады як уся ахоўная зона складае 113 671,7 га. Ён размешчаны часткова на левым беразе ніжняй даліны Буга і часткі ніжняй даліны ракі Нараў з прылеглымі тэрыторыямі. Ландшафтны парк «Буг» звязаны з ландшафтным паркам «Падляская цясніна Буга», ландшафтнай ахоўнай зонай «Даліна Буга і Нужаца», ландшафтнай ахоўнай зонай «Буг».

Найважнейшым элементам ландшафту з’яўляюцца ракі Буг і Нараў з шматлікімі меандрамі, выспамі, затокамі, водмелямі і схіламі ў рэчышчах рэк і старыцамі на дне далін. Пераважная большасць тэрыторыі Ландшафтнага парку «Буг» пакрыта лясамі (прыкладна 40% тэрыторыі). Лясы звычайна складаюцца з соснаў, якія ахвотней растуць на больш бедных і пясчаных глебах. Абмежаваныя тэрыторыі з больш урадлівымі глебамі пакрытыя лясамі, што складаюцца з граба і дуба. У прыбярэжных раёнах можна знайсці спалучэнне пясчаных выдмаў і тарфянікаў, а таксама вільготных прыбярэжных лясоў і хваёвых лясоў. Большая частка ландшафтнага парку Буг пакрыта поймамі і палямі сельскагаспадарчага прызначэння.

Флора і фаўна Ландшафтнага парку «Буг» тыповыя для нізін. Парк адрозніваецца выдатнай разнастайнасцю навакольнага асяроддзя, што дазваляе суіснаваць розных відах жывёльнага свету. Як прыродныя, так і штучныя ўнутраныя воды з’яўляюцца асяродкам існавання і развіцця воднай фаўны. Багністыя мясцовасці і часова затопленыя лугі з’яўляюцца прыдатным асяроддзем для розных відаў птушак і бесхрыбтовых.

У ландшафтным парку Буг можна сустрэць рэдкія віды флоры, сярод якіх дуднік балотны (angelica palustris), ядранец беспрыкветнічкавы (thesium ebracteatum), увярэднік скіпетрападобны (pedicularis sceptrum-carolinum), увярэднік балотны (pedicularis palustris), гваздзік пышны (dianthus superbus), ятрышнік шлеманосны (orchis militaryaris), касач сібірскі (iris sibirica), заразіху (orobanche coerulescens), братаўка грабеністая (melampyrum cristatum), пярэсна еўрапейская (trollius europaeus), валжанка звычайная (aruncus dioicus), а таксама грыбы (напрыклад, tuber rapaeodorum) і жывёлы, такія як: рак шыракапальцы (astacus astacus), трытон грабеньчаты (triturus cristatus), жаба звычайная (bufo bufo), еўрапейская балотная чарапаха (emys orbicularis), гарчак звычайны (rhodeus sericeus), гальян азёрны (rhynchocypris percnurus), кулон вялікі (numenius arquata), аўдотка (burhinus oedicnemus), чорная балотная крачка (chlidonias niger), нетапыр лясны (nipusus pipistrele) кажан позні (eptesicus serotinus).

У парку і яго ваколіцах размешчаны 15 прыродных запаведнікаў: лясныя (Дэмбняк, Пшэкоп, Чаплавізна, Егель, Стэрдынь, Тужынец), запаведнікі флоры (Белэ, Каліняк, Баярскі Гронд, Пад’яблоньске), запаведнікі фаўны (Мачыдла, Мокры Ягель), арніталагічны (Дзержэніньска Кемпа), запаведнікі тарфянікаў (Сьліжы) і ландшафтны (Вільчэ блота). Акрамя таго, тут вылучаюцца больш за 200 помнікаў прыроды. Дадзены тып аховы навакольнага асяроддзя ў асноўным выкарыстоўваўся для дуба звычайнага (quercus robur), ліпы драбналістай (tilia cordata), ясеня звычайнага (Fraxinus excelsior), а таксама для геалагічных скал маладзейшага і больш старога ўзросту, калоній мурашак, ледніковых валуноў і гіпагенных грыбоў. Акрамя таго, ахоўны статус нададзены 62 экалагічным участкам.

Наведвальнікі могуць палюбавацца прыгажосцю ландшафту, скарыстаўшыся экалагічнымі маршрутамі: Гута Грушына – Трэблінка, Корчаў – Магельніца, Урочышча Цэранув, тарфянікі Кулес, Урочышча Стэрдынь, Ежыска, азёры Каленчыньскія.

Ландшафтны парк «Буг» адыгрывае важную ролю ў ахове экалагічных каштоўнасцяў у міжнародным маштабе. Значныя часткі парку былі ўключаны ў сістэму ахоўных участкаў «Натура 2000». У парку ёсць сем участкаў «Натура 2000»: чатыры асабліва ахоўныя тэрыторыі ААТ (даліна Ніжняга Бугу, даліна Ніжняга Нарава, даліна ракі Лівец, Белая Пушча) і тры асаблівыя ахоўныя зоны ААЗ (Дамбровы Цераноўскія, Надбужаньская ахоўная зона, Надлівецкая ахоўная зона). Буг згадваецца ў Агульнаеўрапейскай стратэгіі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці (1995), як адна з рэк, якія маюць вырашальнае значэнне для захавання біяразнастайнасці.

Дзякуючы мерыдыянальнай сувязям, калідор дзікай прыроды даліны Буг з’яўляецца зручным месцам адпачынку вадаплаўных і балотных птушак, што палягчае іх сезонныя міграцыі. Ён таксама выкарыстоўваецца наземнымі і воднымі арганізмамі, якія перамяшчаюцца з Каспійскага рэгіёну на захад. Унікальная экалагічная роля далін Бугскага ландшафтнага парку патрабуе комплексных дзеянняў, уключаючы, перш за ўсё, прызнанне і прадухіленне існуючых і патэнцыяльных пагроз